З кнігі “Ты плачаш”
***
ты смуткуеш
бо баішся што зрабіла нешта дурное
ты баішся што зрабіла нешта
чаго не вернеш
***
але ж ты ведаеш што яна маладая
і ўсё ж табе смутна
да смерці смутна
хто яшчэ так умеў усміхацца
***
ты плачаш
плачаш і плачаш
і забываеш чаму ты плачаш
гэта сум які не выльеш
***
ты абяцала што навучыш яе ўсяму
абяцала што станеш яе школай
але хацела яе адно для сябе
ты хацела хоць раз
адчуць бяспеку
***
ты хацела б спытаць ейных былых
усіх да адной
як магчыма кахаць і кахаць і кахаць некага
настолькі падступнага
***
ты хацела б спытаць, хоць адказ вядомы
ўвага
якой яна надзяляе
не з гэтага свету
***
вярніся і знішчы маё жыццё
ты крычала на сходах ёй услед
***
ты ведала яна бедства
дык ці можа яна вызначаць твае маршруты
ва ўласным горадзе
***
але ты разбітая
якім чынам ты маеш
трымацца
***
слёзы належаць табе калі збярэш іх у місу
але не
Ты плачаш
Вершы шведскай паэткі Юльвы Грыпфельт у перакладах Юлі Цімафеевай