TAŬBIN

Востраў мацы

Вершы аўстрыйскага паэта Петэра Паўля Віплінгера ў перакладзе Ігара Крэбса

Петэр Паўль Віплінгер

Фота
Аннэмары Сюзан Новак

Ігар Крэбс

Сытыя і задаволеныя

у вас кароткія пяты
праўдзе зірнуць у вочы

млявыя і азызлыя
нібы вітрынныя

пудзілы храснеце вы
ў сваім быце

масавыя забойствы ў канцлагерах
вас не цікавяць

Вена, студзень 1966 г.


Зноў у Вене

я зноў вярнуўся
у тую Вену
дзе ўсё памірае

апроч
дзіцячых страхаў
і ўспамінаў пра тое

як выстаўлялі за дзверы
пра гульню ў шкляныя шарыкі
пра запаленыя свечкі

пра чырвоныя сцягі
пра свастыкі
пра маўчанне

пра краты на вокнах
жорсткія ўдары
начную малітву

я зноў вярнуўся
у Вену

тут віно
непазбежнасць

тут заўсёды халодна
і ніколі ні шэлега

Вена, 25.04.1975


Маўтгаўзэн 1967

Маўтгаўзэн
дзівосны перл
даліны Штрудэнгаў
мяне дагэтуль калоціць
калі я ў ліхаманцы
летняга падарожжа
праязджаю міма

Маўтгаўзэн
цяпер курорт
дзякуючы мяккаму клімату
дзякуючы шыкоўным відам
дзякуючы дагледжаным вуліцам
дзякуючы прыстойным рэстаранам
горад дынамічна развіваецца
і мае мемарыял
турыстычную атракцыю

а я
усё яшчэ адчуваю
саладкаваты пах

лагера Маўтгаўзэн

Вена, 03.02.1976


Верш пра каханне

калі мы набліжаемся
адно да аднаго
мы набліжаемся
да мяжы
што нас раздзяляе

Вена, 7.12.1976


Самота

неба
шарэе некалькі дзён

птушка перасякае
аконную шыбу

я перастаў размаўляць

Вена, 20.12.1976


Сіняя гадзіна

у пустым пакоі
згараюць карціны
ўспамінаў

нож напалам
рассякае
памяць

з вуснаў падае
палкае слова
табе на калені

далягляд палыхае
позняй зарой
сінню сутонее ноч

Гаслах, 24.12.1976


Радзіма вялікіх сыноў

ён буйны навуковы аўтарытэт
ён высокапаважаная асоба
ягоны голас мае ў гэтай краіне вагу
ён найвышэйшая інстанцыя ў сваёй галіне
ён самы запатрабаваны ў пасляваенны час
судовы псіхіятр які правёў 12 000 экспертыз
ён дае суддзю падставу вынесці прысуд
ён той каго асцерагаецца абвінавачаны
ён непераадольная перашкода для адваката
ён апошні козыр у рукаве пракурора
ягонае слова вызначае віну і пакаранне
ён зрабіў галавакружную кар’еру і
усімі шанаваны ўзышоў на вяршыню
грамадства і дзяржаўнай сістэмы
ён цынічна ставіць крытыкаў на месца
або з дапамогай паліцыі выдаляе іх з залі
ён даўні сябра сацыял-дэмакратычнай партыі
раней ён быў сябрам нацысткай партыі
паслядоўна старанна мэтанакіравана
ён пракладаў сабе шлях наверх
ён пачынаў з катавання дзяцей
ён пачынаў з забойства дзяцей
у рамках нацысцкай праграмы эўтаназіі
у імя аздараўлення нямецкай нацыі
ва ўстанове "Ам Шпігельгрунд" у Вене
сёння ён працягвае працаваць
у тым жа будынку што і тады
цяпер ён дзяржаўны чыноўнік
былы нацысцкі лекар
галоўурач д-р Грос

Вена, 1979


Шчасце

трэба
проста
дыхаць

Вена, 26.05.1981


Позняя восень

У вечаровым змроку
ахвяруюць рукі
хлеб і віно.

Няспешным крокам ідзе
апошні жнец праз поле
да мяжы.

У небе ўжо відно
прыкметы стыні,
замеці і смерці.

Жніво прынесла пустату,
імжу, напоўніўшы жытло
бязмоўем.

Апошні раз гляджу
на гэтую зямлю.

Святло цячэ паволі
з вецця.

Мой цень зусім чужы
у гэтым свеце.

Вена, 24.06.1982


Ты і я

ты гэта ты
я гэта я

паміж намі
бездань

Вена, 24.01.1984


Каля крэматорыя

праз дзесяцігоддзі
я стаю тут

у месцы
жаху

турбуюся
ці працуе

успышка
маёй фотакамеры

ці правільна я настроіў
дыяфрагму і вытрымку

хачу зрабіць добрае фота
хачу напісаць добры верш

я думаю што прамаўляю
у імя праўды

здаюся сабе пры гэтым
мізэрным нікчэмным

і думаю адзінае што
можна зрабіць

у імя вашай пакуты і смерці
памаўчаць

Маўтгаўзэн — Вена, 11 — 13.10.1987


Востраў мацы

вена другі раён
табарштрасэ тандэльмаркт
час ад часу
я прыязджаю туды
паркую аўто
на задворках
гляджу на мураваныя сцены
і думаю
тут яны стаялі
моўчкі на холадзе
з клункамі
перад транспарціроўкай
перад тым як адправіцца
немаведама куды
не з уласнай волі
а потым пайшлі цягнікі ў нікуды
да брамы смерці
пад ёй і за ёю
бясконцая чарада людзей
безліч ахвяр і горы трупаў
а потым толькі попел
вена другі раён
пратэрштрасэ гайнэштрасэ
тандэльмаркт востраў мацы
знішчана ўсё
знікла навечна
растала
вокны аслеплі
сцены знямелі
машыны праносяцца міма
а я поўны смутку
іду сваёю дарогай
час не будзе такі як раней
на ім крывавыя плямы
у камень ператварыўся жах

Вена, 29.09.1987


Humanae vitae

адзін папа падпісвае
канкардат з адольфам гітлерам

другі наведвае чылі
з дзяржаўным візітам

і моліцца з генералам піначэтам
у ягонай прыватнай капліцы

архіпастыры
каталіцкага хрысціянства

заўсёды ў найлепшай кампаніі
масавых забойцаў

Вена, 24.10.1987


Габрэйскія могілкі

у доме жыцця
спачываюць памерлыя

яны спяць у чаканні
ненароджанага часу

няспанне стамляе
нас накрывае віна

імя і сімвал
маўклівы камень

у нетрах гадоў
расце забыццё

след дзённага сну
блякне таксама ў святле

Вена, 19.04.1988


Крыштальная ноч

карычневая брыда чырвоная ноч
гараць сінагогі

орды нацыстаў
б’юць рабуюць

шкло разбіваюць ушчэнт
правы чалавека таксама

зброд раве жыдоўскія свінні
ва ўсёй краіне гвалт

а праз гады ніхто гэтага не рабіў
ніхто нічога не памятае

ніхто нічога не бачыў

Вена, 15.03.1989


Габрэйскія могілкі ў Гамбургу

з мусульманкай
з Сараева

я прыехаў сюды
на габрэйскія могілкі

на магілах
ужо квітнеюць нарцысы

мы чытаем эпітафіі
даты нараджэння і смерці

кідаецца ў вочы адсутнасць
дат пасля 1940-га

пераслед габрэяў
у часы нацызму кажу я

вось чаму ля брамы
помнік з імёнамі

і ўрна ў якой
попел з Асвенціма

Гамбург, 16.4.1991


Варшаўскае гета

Камень,
што маю на сэрцы,
кладу да помніка.

Хіба могуць цябе пачуць
мільёны загінулых,
пытаю самога сябе.

Апоўдні звоняць
касцельныя званы.

Ліпы квітнеюць,
пахне язмін.

Толькі для немцаў
аднымі губамі чытаю

белую эмаліраваную
шыльду ў музеі.

Камень
кладу

у знак жалобы
на чорны мармур.

Варшава, 15.06.1999


Варшаўскія віды

пад вечар яркія промні
усё ж прарываюцца
падаюць на дамы і на пляц

у вокнах вісяць фатаграфіі
палеглых тады змагароў
у чалавечы рост

на некалькіх плакатах
дакументальныя здымкі
варшаўскага паўстання

з ахопленых полымем дамоў
у роспачы скачуць людзі
жывыя паходні

ад разбомбленага ўшчэнт
спаленага датла горада
засталіся руіны

варшава перастала
існаваць мой фюрар
так было ў рапарце

ад габрэйскага гета
засталіся два дамы
іх закансервавалі

побач шкляныя палацы
банкі гатэлі і прадпрыемствы
недарэчны сталінскі ампір

сваім польскім кліентам
дойчэ банк прапануе
асаблівыя ўмовы

выгадную стаўку 6,3
працэнта па крэдыце
на рэкламных шыльдах

перад тымі двума дамамі
рэшткамі габрэйскага гета
асвятляюць паходні
цёмную ноч

Вена, 21.10.2004
паездка ў Варшаву 13 — 17.10.2004



Дзяцінства і старасць

— Як паміраюць зоркі? —
спытаў я маці, калі быў дзіцём.
— Зоркі не паміраюць, — адказала яна,
— толькі мяняюцца, кожная паасобку,
многія з іх — мільёны гадоў.
І дадала: — Зоркі вечныя.
Паміраюць жывёлы і людзі,
бо мусяць памерці, расліны вянуць,
але ўзімку яны проста спяць і
потым вяртаюцца ўвесну, з цяплом.
— Што значыць "вечныя"? — разгублена спытаў я.
— Вечныя Бог і любоў, — адказала яна.
— Вечны сусвет і ўсе зоркі, што ёсць на свеце,
і неба над зямлёю, вось што вечнае.
Вечныя быццё і бясконцасць.
І ты таксама вечны, і я, вечныя
усе мы, вечныя нашы душы,
бо нашы душы — неўміручыя.
Мы самі памром і пакінем свет,
а нашы душы трапяць у іншае месца.
Яны трапяць на неба, да любага Бога.
І там усе мы сустрэнемся зноў:
Ты, і я, і бацька — усе мы.
Гэта было ў 1942 годзе, калі я цяжка хварэў.
Калі ва ўсёй Еўропе шалела вайна.
Калі ў крэматорыях Асвенціма палалі печы.
Цяпер я, пажылы чалавек, шпацырую
ў Рыме пад платанамі ўздоўж Тыбра,
успамінаю сваю любую маці,
свае дзіцячыя размовы з ёю,
думаю пра Бога, бясконцасць і неўміручасць,
пра неба і магчымасць сустрэцца зноў,
і мне так хочацца верыць, што ўсё
гэта праўда, усё, што мне маці
казала, усе яе адказы на пытанні,
якія я задаваў ёй дзіцём.

Рым, 20.04.2007


У сінагозе

серабрацца зоркі
у блакітным небе

дзесяць Божых запаветаў
на каменных скрыжалях

у залатых праменях
узыходзіць сонца

галасы людзей
гучаць у паўцемры

і тут раптам маўчанне
толькі музыка і малітва

Вена, 10.11.2013

Пераклад з нямецкай Ігара Крэбса

Scroll to Top