Уваход

Вылі сабакі, навокал трава і сьнег раставаў
у калюгах. Пудзіла колькі бляшанак
гайдалася на шнурках.

Я бег, як маленькі, за вымаленым каханьнем.
Салодкім ад мёду і ліпкім, як клей
з жывёльных костак. За тым, што мяне вяло і жывіла

на першым сьвітаньні бягучага веку, пад зорамі
дзецьмі, якіх падхапіла неба. За тым, што мяне назвала.
А потым зьела мне мову, сэрца і будучыню.


Верш на пяцігодзьдзе маёй дачкі

Каліна мне перад сном: "Мама кажа, што нічога
ў прыродзе ня гіне, а як жа мая бранзалетка з чарапашкай?"
Яе халоднае вуха на маім перадплеччы, вейка на рукамыйніку.
Лялька-русалка, пухнатая цацка, святочныя скарбы. Нашыя
салёныя сьлёзы сьмеху, нечалавечыя жэсты ды позіркі Неба.

Нічога ня гіне, Каліна, і я не хачу памерці. Сажалка зацьвіла,
качка дала нырца па кавалак хлеба. Вяртаемся ў нашую
лясную хатку і я зноўку думаю, што сусвет вялікае,
добрае сэрца цмока, і што любоў падымаецца, нібы шарык,
які адбіваю спачатку рукой, а потым ілбом і вуснамі.


Песьня

Столькі праменьня празь лісьце. Праз шчыліны ў голках.
Тыя, якія крычаць да натоўпу і падаюць ваду
тым, што вяслуюць пад палубай. Зноў навальніца, жанчына,
па якой вар’яцеў, трэці раз нараджае недзе далёка.
Першы памерлы любіць мяне, два іншыя ненавідзяць.
Зямля й алькаголь мяне зносяць. А я захоўваю таямніцу.


Рытуал

Вецер крычыць. Абуджаны
плача за маёй сьпінаю. Надыходзяць сьвяты.
Калісьці я верыў у Бога, але не маліўся.
Цяпер сумняваюся, ды малюся. Чакаю адных,
другія чакаюць мяне.

Надыходзяць сьвяты. Сёньня зраблю пакупкі, паставім
ялінку. Тайком ад сям’і запакую прэзэнты, з акна
пабачу п’янчужку сяброўку з малодшых класаў.
Шмат год таму яна грала Марыю ў ясьлях
і, босая, да грудзей туліла ляльку ў пялюшках.


Навагодняя песенька

Мы пілі на стадыёне пэтэвэ
кароткія, халодныя каўткі разьдзіралі горла.
Мароз рыпеў, нібы сухі флямастэр, які нас

накрэсьліў малыя азяблыя постаці з крывёй,
якая прагне вырвацца зь цела. Рыбы, якія
ня трапілі ў каўчэг і плылі за ім.


Галіна

Мёртвая рыбіна падае сотні мэтраў
у ледзяное мора.

Мой тлусты мозг, мая тлустая кроў
як працяг гнязда. Бязгучнае неба

раскатурхвае ветрам званы
і ня мае дна.


Паэт

Сьвятарскім рухам рукі паказваў
хмары. Пісаў у прамежках, паміж
працай і дзіцем, ноччу і сном.
Сёньня я прачытаў тузін ягоных вершаў
дакладна адшліфаваная адзінота.


Візыт у адказ

Дзякуючы тым здымкам я ведаю,
што адбывалася да майго нараджэньня:
празь вёску цякла рака, ліпа была
кусьцікам, а над ёй вісела воблака з вапны.

Потым я рос,
дыхаў пажыўным паветрам. Бег,
а галінкі білі мяне па вуснах.

Сёньня ляжу на падданай зямлі, ля намёта,
кратаючы яго шнуркі, нібы струны.
Думаю пра цябе з заплюшчанымі вачыма.
Калі іх адплюшчу зьнікну.


Гама

Вецер зрывае з паветра птушак,
ладзьдзя набірае мутнай вады,
дзе плешча ў далоні мінулае.

Мяне не заб’е каханьне
і не спалохае сьмерць,
бо яны гэта я.


Крыніцы

Па шыбе сплывалі сонцы, падымалася хмара.
Лета мінула, чарговы Ной будаваў каўчэг
і хлопцы за гаражамі крычалі бландынцы: "Лесба!
Лесба!" Я прыглядаўся да ўласных рук на стале,

ня ведаючы, што магу памерці. Хтосьці круціўся
там, за дзьвярыма, і я праз замочную шчыліну
бачыў ягоны цень, а потым белае вока.
Вока міргала.


Анаэробы

Я ня мог дыхаць
за нас дваіх. Спалохаўся
і першы раз адхапіў руку.
Я забег у сьмерць.
А потым яна забегла ў мяне.


Разрэз

Жамярынае вока, нібы сетка мікрафона.
Мая скура шамаціць, як папера,

а на здымку бацька з маці ўпэўнена
трымаюць мяне за рукі, быццам хочуць

перавесьці праз жыцьцё і сьмерць.
Праз сваю таксама.


Крок

Тое, што зрабілі са мной іншыя,
і ёсьць тым, чым я пішу.

Плыньню, ракой, пазелянелым
возерам у памежным лесе.

Аддаляцца ад гэтага сьвету.
З кожным рухам вясла.


Стык

Калі ты ведаеш, куды ўцячы,
ты ўжо не свабодны.

Мая дачка пытае ў мяне:

ці ты сьніў калісьці сон, у якім
табе сьніцца, што ты прачынаесься?


Узрушэньне

Наведваю магілу дзядоў. Мае бацькі
аднавілі помнік, пакінулі на пліце
месца для сваіх імёнаў. У гэтым пустым полі

мой твар лісток, а далонь корань старое
яліны, што разрывае бэтон. Я зьбіраю словы,
якія б нас упусьцілі, нас прапусьцілі празь сьмерць
і пакінулі, як учора: я каля радыё,

маці празь сіта цэдзіць бацьвіньне, а бацька
адносіць на лыжцы ў сьметніцу тое, што так
цярпліва вымаў з убітых у шклянку яек
чорны, крывавы зародак.

Жыцьцё і сьмерць прамінаюць, мае бацькі
аднавілі помнік, пакінулі месца.


***
Паветра, якім я дыхаю, набывае
розныя формы бачу іх, стоячы на халодных
школьных сходах. Нізка навіслая хмара
трэцца аб вершаліны хвояў. Неба –

кліча нас, немаўля, падглядае, сьляпец. А я
падслухоўваю хор, чый сьпеў нейкі час
далятае з вокнаў. Мне падаецца, што ў гэтым
шматгалосьсі я чую голас дачкі.


***
Мы сталі ля возера лагерам дзікуноў.
Пілі віно, сьмяяліся, падкладаючы
ў вогнішча засохлыя імёны.

Некаторыя не згаралі, і мы адкідвалі іх
у зарасьці, як раскаленыя цьвікі,
сьпіцы колаў або завесы дзьвярэй.


***
Было ўжо позна, калі нейкі рух узьнік на вадзе,
мы хутка згасілі агонь ды схаваліся ў траве,
пакідаўшы на зямлю бутэлькі і хлеб:

ля берага, адштурхоўваючыся ад дна
даўгім ценем, зусім нас не заўважаючы,
плыла па затоцы сьмерць у адлюстраваньні.


***
"То бок атрымліваецца, што сьмерць
гэта канец абмену інфармацыяй",
кажа яна і выключае тэлевізар. На матавым
экране сядзяць адбіткі нашых целаў.
Праз хвілю яе цела ўстае і сыходзіць.
Маё, зануранае ў чарнату манітора,

сядзіць у ёй далей.


***
Я ня скончыў працы. Толькі ў сьне
усё было гатовае. Сьмерць

ашчэрыла зубы, паказваючы дзясны
колеру другога боку люстэрка.


***
Лісты падаюць з галіны над ракой,
як словы з жыцьця дапаўненьні, азначэньні,
пакуль не застаецца адзін голы выказьнік.

Які адказвае на пытаньне вады.


***
"Такі ўжо сьвет" кажа
нам рыба. Мы слухаем яе
знутры нашага акварыюма.


***
Ліхтар згасае і сьвет
урэшце перастае глядзець на мяне.

Тых, якім падаю руку, вельмі шмат,
а так напраўду ні з кім не разьвітваюся.


***
Над возерам ловяць у рукі яшчарку.
Адна кажа: "Якая класная!",
другая: "Якая няшчасная".


***
Замест дзяржава
кажу радзіма.

Замест яна
клічу каханьне.

Скурчаны сяджу
ў гэтым сказе,

бо я тут толькі
назоўнік.

Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч. Пераклады зроблены з кніг: “Stopeń pokrewieństwa” (2017), “Pełnia Robaczego Księżyca” (2022) і “Widoczna i niewidzialna” (2023).

У межах праекта "Санаторый пад Клепсідрай" 28 лістапада адбудзецца імпрэза з удзелам Лукаша Яраша і Андрэя Хадановіча. Запрашаем сюды!

Лукаш Яраш
"Калі ты ведаеш, куды ўцячы, ты ўжо несвабодны..."
Андрэй Хадановіч