Ранішняя песня
(Morning Song)

Ты гладкі залаты гадзіннік, заведзены любоўю.
Акушэрка па пятках пляснула, й твой бойкі крык
запанаваў паміж стыхій сусвету.

Водгукі нашых галасоў вялічаць твой прыход. Новы статуй.
У скавышах музея твая аголенасць
Цень кідае на нашую бяспеку. Стаім наўкол знямелыя, як сцены.

Я твая маці не больш,
Чым воблака, што выцярушвае люстэрка, каб адбіваць сваё
павольнае знікненне ў далонях ветру.

Уночы мятлік твайго дыхання
Трапеча між пляската-ружовых руж. Я абуджаюся, каб слухаць:
У вуху далёкі мора шум.

Ускрык, і я імчуся з ложка, цяжкая, як цялушка, у квецені
Віктарыянскай начной кашулі.
Твой рот раскрыты насцеж па-кашэчы. Квадрат вакна

Бялее і каўтае загаслыя заранкі. А зараз ты каштуеш
жменю нотаў;
Ясныя галосныя ўвысь ляцяць, нібы балонікі.

19 лютага 1961



Авечкі ў імгле
(SHEEP IN FOG)

Пагоркі ступаюць у белату.
Людзі ці зоркі
Зважаюць на мяне тужліва, я засмучаю іх.

Дыхання стужка сцелецца за цягніком.
О нетаропкі
Конь колеру ржы,

Капыты, маркотныя званочкі --
Усё ранне
ўсё чарнела і чарнела ранне,

Пакінутая кветка.
У маіх костках -- ціша, далёкія
Палі мне грэюць сэрца.

Яны гразяцца
ўпусціць мяне ў рай
Бяззорны і бязбацькавы, як цёмная вада.

2 снежня 1962


Люстэрка
(Mirror)

Я срэбнае й дакладнае. Не маю прадузятасці.
Усё, што бачу, я заглытваю імгненна
Такім, як ёсць, без марыва любові ці агіды.
Я не суровае, ўсяго толькі праўдзівае --
Вока маленькага бажка, аб чатырох кутах.
Часцей за ўсё я сузіраю сцяну насупраць.
Яна ружовая і ў плямах. Я ўглядалася ў яе так доўга,
Што ўявіла, яе часткай свайго сэрца. Але яна мільгае.
Абліччы й цемра нас раздзяляюць раз за разам.
Цяпер я возера. Жанчына нада мною хіліцца,
Шукаючы ў маім рыззі сябе сапраўдную.
А потым паварочваецца да гэтых хлусаў: да месяца ці свечак.
Я ж бачу яе спіну й сумленна адбіваю.
Яна адорвае мне слязамі і трымценнем рук.
Я штосьці для яе ды значу. Яна сыходзіць і вяртаецца.
Шторанак яе твар сабою заступае цемрадзь.
Ува мне яна дзяўчынку патапіла, і ўва мне старая
дзень за днём імкнецца ёй насустрач, як жудасная рыба.

23 кастрычніка 1961


Па вадзе
(Crossing the Water)

Чорнае возера, чорная лодка, чорная пара людскіх выцінанак.
Куды трапляюць чорныя дрэвы, якія п’юць адсюль?
Іх цені мусіць накрываюць Канаду.

Праменьчык сочыцца ад кветак на вадзе.
Іх лісце не хоча, каб мы спяшалі:
Акруглае і плоскае, гатовае даць цёмную параду.

Халодныя сусветы страсае ўніз вясло.
Дух чарнаты пануе і ў нас, і ў рыбах.
Корч уздымаецца з апошнім словам, бледная рука;

Зоры распускаюцца сярод лілей.
Хіба цябе не асляпляюць такія невыразныя сірэны?
Гэта маўчанне душ ашаломленых.

4 красавіка 1962


Я вертыкальная
(I Am Vertical)


Але хацела б быць гарызантальнай.
Я ні дрэва з карэннем у зямлі,
Што смокча мінералы і матчыну любоў,
Каб кожны сакавік блішчаць лістотай,
Я ні красуня з садовай клумбы,
Што выклікае “ахі” ды дзівіць афарбоўкай,
Не ведаючы, як ападуць пялёсткі.
У параўнанні са мною дрэва неўміручае
І галоўка кветкі не высіцца, а болей дзівіць.
Я прагну даўгалецця першага й адважнасці другой.

Сёння ў зіхаценні мікраскапічных зор
Дрэвы і кветкі распыльваюць халодную духмянасць.
Іду між іх, але яны не заўважаюць.
Я часам я думаю, што ўва сне
Я найболей да іх падобная --
Думкі патухлі.
Нашмат прыродней для мяне ляжаць.
Тады мы з небам перамаўляемся адкрыта,
І будзе з мяне карысць, калі я навекі ўлягуся:
Тады ўрэшце дрэвы мяне крануць, і кветкі знойдуць для мяне час.

28 сакавіка 1961


Мёртванароджаныя
(Stillborn)

Гэтыя вершы не жыльцы: дыягназ сумны.
Пальчыкі на руках і нагах дастаткова развітыя,
Лобікі разбухлі ад засяроджанасці.
І калі яны не здольныя хадзіць, як людзі,
То гэта не таму што маці іх не любіла.

О, мне не зразумець, што з імі сталася!
Правільныя па форме, па ліку і ў кожнай сваёй частцы.
Яны так міла ўселіся ў травільным расоле!
Яны ўсміхаюцца, усміхаюцца, мне ўсміхаюцца .
І ўсё ж паветрам не напоўняцца іх лёгкія і сэрца не заб’ецца.

Яны не парасяты, не рыбкі нават.
Хоць маюць падабенства з парасятамі і рыбкамі --
Было б цудоўна, каб яны жылі, яны й былі жывымі.
Але яны памерлі, і матка іх амаль памерла ад адчаю,
Яны глядзяць у атупенні, і пра яе ні слова.

Пераклад Юлі Цімафеевай

Ранішняя песня