***
Я хадзіў па пасадках
і палях са сланечнікамі
я хаваўся за імі
быў удзячны кожнаму сланечніку
і шарэў
і спыняўся
аднойчы
яны загаварылі са мною
іхняя мова была хрыплай і ціхай
казалі:
ха-ха-ха
што ты тут забыў
ты ведаеш
што сонца — здрадніца
што вецер хаваецца ў пограбе
а хмары цяпер нерухомыя
як васковыя фігуры ў Музэі мадам Цюсо?
Я ўважліва слухаў
глядзеў уніз
бачу мае ногі — сьцябло
праводжу рукой па твары
і рассыпаюцца сухія й пустыя зярняткі
я з вамі застануся, хлопцы
пытаюся ў сланечнікаў
а ты нікуды й не хадзіў
адказваюць яны.
Дзе мае сны?
Дзе мае сны?
Дзе мае сны?
Глядзі, яны хаваюцца ў акопах.
Мы вяртаемся з заданьня
стомленыя й пустыя
што паставіць
пытаюся
ды тую, што грала ў "Байцоўскім клюбе"
адказваюць мне
і з вокнаў на ўсю
гучыць:
Where is my mind?
Where is my mind?
Where is my mind?
Дзе мае сны?
Дзе мае сны?
Дзе мае сны?
Перакрыкваю я
а ў адказ:
цс-с, цішэй, хлопча,
цішэй.
***
Цягнік едзе да Кіева
ці да Сумаў
у цягніку сумна
абяцаю
што больш
не засну
Твае вочы
й зморшчынкі й цені
іх чытаю
як руны.
Адчуваю
камень
і ваду
і як рух
гор валадар
у сваё цела зялёнае
адчыніць вароты
ідзі за летам
я
пачакаю
тут.
Цягнік едзе да Кіева
ці
да
Сумаў.
Сумна.
***
Падае лісток ад ветру
падае чалавек ад кулі.
Чорнае мора сланечнікаў
чорнае мора несабраных сланечнікаў
пакінутых на самоце
што чакаюць наступнага лета
нібы Хаціка.
Мы едзем на бтр
уселіся на ім
нібы на сталёвым
браняваным кані
іга-га
вязем 200.
Едзем
размытай палявой дарогай
камякі бруду разьлятаюцца
як кулі
мінаем пасадкі
жоўтыя й сумныя.
Я чую
як нехта шапоча мне на вушка:
ня сёньня
ня сёньня.
***
На полі
на шырокім полі
на мінным полі памяці
выбухай
вы
бу
хай
вы
бу
хаю.
Хто зьбярэ
маё цела
разарванае
шукацьме
як архэоляг
выбірацьме
нібы
бульбу?
Сьплюнь.
Сьплю.
Лю-лі-лю.
***
Цяпер камэра
гэта твой дом
салдаце
цяпер тваё неба
з бэтону
што пакрылася цьвільлю
бачыш
яно нават сіняе
што табе яшчэ трэба
цяпер твае сябры
гэта сны
я заб’ю ўсіх тваіх сяброў
абадраны дыванок
усё што ты маеш
ты яшчэ памятаеш
як пахне трава
і як смакуе яблык
забывай гэта салдаце
ня бойся
тады ты паверыш у неба з бэтону
у сьвет 4 на 4 мэтры
нічога іншага й не было
салдаце.
Рукі салдата заведзеныя за сьпіну
раны ад кайданкоў не загойваюцца
погляд хлопца скіраваны ўніз
ён маўчыць
і лепш бы ён забыў сваё імя
але ён увесь час паўтарае ў памяці
нібы на шырокім экране
адзіны ўспамін
адзін з апошніх дзён жніўня
хутка ў школу
яны разам з сястрою
бесклапотна ляжаць
на яшчэ цёплай зямлі
прыціскаючы целамі яшчэ зялёную траву
пад садовымі дрэвамі
і адчуваюць пах буйных сьліў
жоўтых ігруш
і лічаць
як адна за адной
падае сьпелая папяроўка на яшчэ цёплую зямлю
гуп-гуп
адзін
два
тры
дзесяць
о не
ён ніколі не забудзе
як пахнуць яблыкі.
***
На іголку вайны
нанізваецца нітка шэрага
як крэм-суп з шампіньёнаў
неба
вуха восені
слухае голас снарадаў
пераканаўчы
як слова сьвятога айца на прычасьці.
Я еду паўз чорнае мора сланечнікаў
спакойнае
як помнікі
разганяюся й скачу ў яго
быццам з пірса
я-ху!!!
нясі мяне чорнае мора сланечнікаў.
Як Арʼя Старк
лічыла імёны тых
каму трэба адпомсьціць
я лічу імёны тых
за каго трэба адпомсьціць
цемра глытае пакой
як гідазэпам
і я лічу:
Раман "Рокі"
меў рудыя
як руды кот
валасы
кароткую, як дакладныя прамовы
фрызуру
усьміхаўся часьцей
чым гаварыў
загінуў пад Машчуном
на пачатку сакавіка.
адзін…
Лёха "Чарніцы"
згадваю
як доўга ён падбіраў ракурс
калі фатаграфаваў букет валошак
на фоне Дністроўскага каньёну
на вайне ён рупліва фатаграфаваў
і рупліва біўся
у сакавіку 2022-га
яго спалілі жыўцом
пад Кіевам.
Коля "Кора"
кулямётнік
аднойчы
ён прыехаў у прытулак для жывёл
і забраў старога белага сабаку
які любіў спаць пад ложкам
і брахаць на мух
Коля загінуў пад Бахмутам
разам з "Рудзі"
Тры…
Чатыры…
І так да трыццаці
ці да бясконцасьці
але тут і адзін — бясконцасьць
я магу лічыць доўга
поле памяці
засеяна
кукурузай суму.
Будзільнік вайны
абудзіў жывых і мёртвых
зьвяроў і мошак
птушак і вуліцы
зрабілася халодна
хто падзеліцца дыванком
ці пусьціць да сябе ў спальнік?
Калі мяне запытаюць
што такое вайна
я бяз роздуму адкажу:
імёны.
Чорнае мора сланечнікаў
прымі мяне
я стаміўся чакаць.
Адзін...
Два...
Тры...
Чатыры...
....Трыццаць
.....
***
Мая галава коціцца ад пасадкі да пасадкі
як перакаці-поле
ці мяч
мае рукі адарваныя
прарастуць фіялкамі напрадвесьні
мае ногі
расьцягнуць сабакі ды каты
мая кроў
афарбуе сьвет у новы чырвоны
Pantone чалавечая кроў
мае косткі
уцягнуцца ў зямлю
утвораць каркас
мой прастрэлены аўтамат
заржавее
небарака
мае рэчы на зьмену ды экіпіроўку
перададуць навабранцам
ды хутчэй бы ўжо вясна
каб нарэшце
расквітнець
фіялкаю.
Гэта апошні верш аўтара, апублікаваны ім у сацсетках за два дні да ўласнай сьмерці. Максым “Далі” Крыўцоў загінуў на фронце 7 студзеня 2024 года.
У 2025 годзе яму прысвоена званьне Героя Украіны.
Пераклад з украінскай: Воля Ермалаева Франко.
Чорнае мора сланечнікаў
Вершы ўкраінскага паэта Максыма Крыўцова ў перакладзе Волі Ермалаевай Франко