Балоты, лясы, сонца, вецер... Прыроднае ў вершах Язэпа Сукалы ажывае і жыве сваё бурнае і адметнае жыццё. "Гульбішча прыроды" — тое, што палохала, падаецца, і ўражвала паэта ад самага пачатку (Язэп Сукала нарадзіўся ў вёсцы Гулевічы, Бабруйскага павета Мінскай губерні). Няглядзячы на тое, што гэтак сама добра ў паэта атрымліваліся сатырычныя вершы, якія, хутчэй за ўсё, дадалі вагі супраць яго ў тым жахлівым выраку (паэт быў арыштаваны паўторна ў 1936-м ці 1937-м годзе і растраляны 23 верасня 1937 года разам с пісьменнікам Аляксеем Траецкім), немагчыма памысліць Язэпа Сукалу ў адрыве ад зямлі, паветра, вады і агню.
Напэўна, лягчэй і нашмат прыемней было б быць "цякучым ручайком", у свеце, дзе табе не прыходзіцца абіраць паміж працай і пісаннем вершаў, паміж актывістскай дзейнасцю і бяспекай, паміж жыццём і смерцю. Было б лягчэй, але, на жаль, усё гэта немагчыма.
Таму — абарваны палёт. Але найперш — "вышэй, вышэй, яшчэ вышэй". І, канешне, пакінутыя кругі — вершы.
Як піша Віктар Жыбуль, многія вершы паэта не горшыя па ўзроўні ад твораў ягоных літаратурных аднагодкаў. І вы можаце самі ў гэтым упэўніцца.
Артур Камароўскі
ПАЛЁТ
Сьмяецца дзень вясёлым сьмехам,
і сонца косы, бы сіло,
зямлю ўплялі, а гучным рэхам
ў паветры штосьці загуло.
Сталёвы птах узьняўся ў неба, —
за ім другі…
За ім другі…
І рэжуць неба, быццам глебу,
сялянска-сінія плугі.
Нясуцца ў высь у ветра-хвалі
вышэй…
вышэй…
яшчэ вышэй.
Вось хмары іх ужо схавалі,
яны-ж ляцяць яшчэ вышэй.
Матораць там яны уволю.
Гудуць, равуць…
равуць, гудуць…
Вітаюць песьняй жоўта поле
і гутарку з бязьмежнасьцю вядуць.
Нырца адтуль і сьмехам льлюцца.
Уніз ляцяць…
Уніз ляцяць…
Над самым поплавам ўжо ўюцца,
ад сонца крыльлі зіхацяць.
Шырэй…
шырэй…
ў паветры хвалі.
Шырэй…
шырэй…
адзін, другі.
Дзе дзікі ветры бушавалі,
свае кладуць яны кругі.
ЛЮБЛЮ
Люблю цябе я, мшыстае палесьсе,
прастор і шыр няведамых балот.
Люблю смалісты пах ў хваёвым лесе,
люблю страчаць у ім я сонца ўсход.
Люблю ў часы вясновай, хмурай непагоды,
калі маланка блішча, гром грыміць,
і вецер сьвішча, важыць рэчкі воду, —
люблю за ёю моўчкі я сачыць.
Люблю пад сьпеў грымотны навальніцы
глядзець, як льлецца з цёмных хмараў пот,
як вецер рве ад вокан акяніцы,
са стрэх салому кідае за плот.
Люблю… бо ў гэтым гульбішчы прыроды
страшэнны дух магутнасьці чуцён…
Люблю яго я дзікі карагоды,
калі пачне гуляць у небе ён.
І ЧАМУ Я НЯ ТОЙ...
І чаму я ня той
ручаёк цякучы,
што бяжыць у перабой
вадою бліскучай.
У разводзьдзе вясны
я ўзбунтаваўся-б,
і тады на заход
хваляю памчаўся-б.
Затапіў-бы я там
панскія палацы,
волю-б даў мужыкам —
дзецям цяжкай працы.
Нёмна — дзядзьку свайго
шчыра прывітаў-бы,
пра жыцьцё пра яго
хваляй запытаў-бы,
І тады па мяжы
бацькаўшчыны мілай
я-бы сьлед пралажыў
там сваёю сілай,
Я-б яе апавіў
срэбнаю істужкай,
вадой глебу ўспаіў
чыстаю, жывучай.
Дык чаму я ня той
ручаёк бягучы,
што бяжыць у перабой
вадою бліскучай.
УСХОД
На выгане смугою сьцелецца
стары сівы дзедка-туман,
у праменьнях сонца ён песьціцца,
абвіваючы йстужкай курган.
Зямлю уплятаючы косамі,
сонца кранула і луг.
Прабеглі праменьні пракосамі,
замкнулі на іх яны круг.
Жартуючы з траўкай зялёна,
зьнялі з яе кроплі расы.
Прыветліва стрэлі сталёвую
песьню сялянскай касы.
Заглянулі з любасьцю мілаю
у твар загарэлы касцоў,
што песьняй сваёю зычліваю,
слалі да сонца паслоў.
РАНІЦАЮ
Эх, ты поле, луг зялёны,
да вас сёньня я іду
сустракаць усход чырвоны;
па расе сьляды кладу.
Як тут міла збожжа гнецца,
адбіваючы паклон,
сьпелым коласам сьмяецца —
і шуміць, шуміць прастор.
Тут блакітны васілёчак
мне паклон шле да зямлі, —
быццам просіцца ў вяночак
каб дзяўчаткі ўплялі.
Раптам песьню засьпявалі
жнеі, жыцейка жнучы.
Як зязюлі кукавалі,
пра край родны пяючы.
Эх, ты поле, луг зялёны,
да вас сёньня я іду
сустракаць усход чырвоны;
па расе сьляды кладу.
ЗАВІРУХА
І стогне, і плача, і вые ўвакруг,
і ўдаль завіруха нясецца,
і сыпле у вочы сьнег лёгкі, як пух, —
рагоча і скача й сьмяецца.
То ў лес яна мчыцца і там паміж хвой
дурэе з ялінкамі й свішча.
Затым у полі на волі пад сьпеў дзікі свой
ўся нечысьць спраўляе ігрышча.
От ведзьма у ступе з мятлою ў руцэ —
дарогі усе замятае,
і з рогатам дзікім нясецца к рацэ, —
яе лесавік даганяе.
І ўзяўшысь за рукі, яны карагод
з песьнямі водзяць у полі.
То воўкам завыюць, пяюць, як чарот,
на цяжкую скардзяцца долю.
То ў песьні тэй сумнай парою чуцён
голас дзіцяці-нябогі!
– Вазьмі падарожны! — так просіцца ён
і плачам зьбівае з дарогі.
То сьціхнуць ўсе ўсюды і толькі шумяць
стагоднія ў гаі яліны,
да з скрыпам сваім, нібы што гаманяць,
разносяць аб чым-та навіны.
От недзе далёка, бліжэй, ўсё бліжэй
песьню дзяўчаты сьпяваюць,
і песьняю тэй да болю грудзей
сэрца яны калыхаюць
і клічуць к сабе:
– Падарожны,
ты з дарожжа
утаміўся.
Сядзь ты, мілы,
ня траць сілы,
чаго зажурыўся.
Шлях далёкі,
адзінокі,
хто тут зможа?
Адпачынак
ля дзяўчынак
табе шмат паможа.
Пасьцель нову
пярынову
мы пасьцелем.
Сон чаканы
доўгажданы
песьняю навеем.
Сваім целам
мы сагрэем
тваё цела.
Дык ты, мілы,
ня траць сілы,
адпачні ў нас сьмела.
А я ўсё іду. Завіруха гудзе
і сыпле мне сьнегам у вочы…
То песьню пяе, як дудар на дудзе,
то скача, жартуе, рагоча.
ПРЫШЛА ВЯСНА
Прышла вясна — ракочуць струны,
Прышла вясна — зьвініць іх сьпеў,
І ўзрос у грудзях шчоткай руні
Шумлівай вольнасьці напеў.
О, Беларусь, мая матуля,
прышла вясна,
прышла вясна;
халодны сівер ня прытуліць
каліны станік ля акна.
З праменьняў сонца ставіць кросны,
квяцісты тчэ табе дыван.
Бяліць яго на лузе росным
спаўзае смугаю туман.
Табе ня страшны гром пярунаў,
ня страшна бура-навала…
Пяюць акорды новых струнаў —
вясна,
вясна,
вясна прышла…
Прышла вясна… свае я грудзі,
здаецца-б, насьцеж расчыніў,
каб ліўся сьпеў, што ў сэрцы блудзіць,
па гаі родным, гонях ніў.
ЗІМОВАЙ НОЧКАЙ
Месяц…
Марозная ночка…
Стадак нязьлічаных зор…
Срэбрам ірдзіцца сарочка,
бельлю заслаўшы прастор.
Сані…
Чырвоныя коні…
Сьнег камякамі ляціць…
Песьня зімовая звоніць,
звоніць,
у сэрцы кіпіць.
Эх, вы, разлогія гоні,
кліч у бязьмежную даль!
Думак маіх не загоніць
ў пастку расхрумстаны жаль.
Поўны крамністаю воляй,
поўны адвагі яны…
Рады бяляваму полю,
рады прыходу зімы…
Месяц…
Марозныя гоні…
Думак разьвіты клубок…
Песьня зімовая звоніць,
думкі сплятае ў вянок.
У ВОСЕНЬ
На памінках лета явар да каліна
Расьсяваюць сьлёзы – жоўтыя лісты…
Ой, пайду я гаем, выйду на даліну,
Моўчкі прывітаўшы голыя кусты.
Ой, пайду я гаем… Выйду, запытаю:
"Дзе-ж дзявалась постаць смуглае жняі?"
Мне адкажуць далі: "Кужаль запрадае,
Больш не адгукнецца песьня у гаі.
Больш ты не пачуеш шопату калосьсяў,
Погляд не прывабіць сіні васілёк.
Новыя акорды з новых сугалосьсяў
Заплятаюць жоўты восені вянок".
Пастаяўшы моўчкі, разьвітаюсь з летам,
Разьвітаюсь шчыра я з яго красой
І пайду да мэты восеньню сагрэты,
Няхай плача явар жоўтаю сьлязой.
Няхай плачуць хмары, вецер завывае:
Ці-ж патухнуць ў небе зоранькі-агні?!
Доля наша з намі, доля агнявая,
Ў далях нам ірдзяцца сонечныя дні.
СКАЖЫ…
Шумяць, зьвіняць аўсы снапамі,
Трава пажоўкла на мяжы.
Чаго сумуеш ты начамі,
Дзяўчынка мілая, скажы?!
Скажы, чаму пагляд парою
Са смуткам сочыць зоры-сны,
Хіба напомнілі сабою
Другую ночаньку яны?
Другую ноч!.. Лілеі-зоры
І шэпты мілыя ў цішы,
Калі чароўнасьці узоры
Каханьне ткала у душы.
Скажы, чаму на тварык цені
Ляглі як восені лісты.
Хіба разьбіты лятуценьні,
Ў жыцьці ня бачыш пекнаты.
А мо’ шкада табе, дзяўчынка,
Завяўшых красак на мяжы
І песьні вольнае дажынкаў, –
Скажы мне, любая, скажы!
Абарваны палёт Язэпа Сукалы
Вершы расстралянага паэта Язэпа Сукалы