TAŬBIN

Забойчы клімат для паэткі. Марта Альтберг і яе беларускія вершы

Вершы расстралянай паэткі Марты Альтберг

Марта Альтберг

Віктар Жыбуль

Марта Карлаўна Альтберг нарадзілася 27 студзеня 1896 г. у маёнтку Стукачова Полацкага (пазней Дрысенскага) павета ў шматдзетнай латышскай сям’і. Бацька, Карл Якаўлевіч, быў даволі заможным селянінам і ўтрымліваў немалую гаспадарку. Значна больш вядомай асобай быў дзядзька — вучоны-фізік, прафесар Дзяржаўнага гідралагічнага інстытута Вільгельм Якаўлевіч Альтберг (1877–1942), адзін з першых у Расіі даследчыкаў ультрагуку і аўтар некалькіх манаграфій пра падводны лёд. Пайсці па навуковай сцяжыне дзядзька падахвоціў і пляменнікаў. Старэйшая сястра Марты, Альвіна Альтберг, пасля гімназіі закончыла гідраметэаралагічныя курсы ў Петраградзе (1915), дзе чатыры гады адпрацавала вылічальніцай у Галоўнай фізічнай (з 1924 г. геафізічнай) абсерваторыі — метэаралагічным цэнтры Расіі. Потым, вярнуўшыся ў 1919 г. у бацькоўскі дом, яна стала загадчыцай метэаралагічнай станцыі, абсталяванай у родным Стукачове. Фізікам-гідролагам быў малодшы брат Марты, дзядзькаў цёзка Вільгельм Карлавіч Альтберг (1899–1941). Ён даследаваў змярзанне рачнога дна з рознымі рэчывамі і паверхнямі.

Сама Марта скончыла 5 класаў гімназіі. Якой менавіта — яна ў асабістых дакументах не пазначала, але відавочна, што гэта была рыжская жаночая гімназія імя Ганны Руманэ-Кеніні, дзе латышскую мову і літаратуру выкладаў паэт Аўгуст Саўліеціс (1869–1933). Менавіта ён падтрымаў творчыя пачынанні вучаніцы. Будучы адначасова рэдактарам літаратурнага дадатку да газеты "Latvia", Саўліеціс у 1915 годзе апублікаваў яе дэбютнае апавяданне "Срэбная страла. Першая кропля: Christus Vincit!" ("Sudraba bulta. Pirmā lāse: Christus vincit!"; акурат з прысвячэннем Аўгусту Саўліецісу), а следам за ім — яшчэ некалькі празаічных твораў: "У летнюю ноч" ("Jāņu naktī"), "Кубак з прыемным водарам" ("Smaržīgā krūze"), "У зорным святле" ("Zvaigžņu gaismā"), "Калі аблокі рассейваюцца" ("Kad mākoņi zklīst"). Так што да моманту публікацый у "Чырвонай Полаччыне" Марта Альтберг мела не такі ўжо і маленькі літаратурны вопыт. Але на латышскай мове.

Творчая дзейнасць маладой пісьменніцы была перарваная Першай сусветнай вайной: нямецкія войскі наступалі на Курляндскую губерню, і Марта Альтберг разам з іншымі бежанцамі з’ехала ў Петраград, дзе жыла нейкі час, а потым вярнулася ў родны маёнтак. У 1920–1930 гг. яна была назіральніцай на метэаралагічнай станцыі "Стукачова", г. зн. працавала пад непасрэдным кіраўніцтвам сястры. Цяпер, ведаючы гэта, па-іншаму ўспрымаеш і вершы Марты Альтберг: на вецер, сонца, "шызую туманнасьць ад балот" яна глядзела прафесійным вокам, штодня назіраючы за прыроднымі з’явамі і сістэматызуючы інфармацыю пра іх. Родны маёнтак (дакладней, ужо хутар) у тыя часы належаў да Галубоўскага сельсавета Валынецкага раёна Полацкай акругі, і натуральна, што "Чырвоная Полаччына" была найбліжэйшым выданнем, дзе паэтка магла друкаваць творы.

Тое, што латышская пісьменніца паспрабавала сябе і ў беларускай паэзіі, не надта здзіўляе: большая частка яе нядоўгага жыцця (за выняткам рыжскага і петраградскага перыядаў) прайшла на беларускіх землях. Беларускую мову Альтберг чула з дзяцінства, а ў часы беларусізацыі, мабыць, займела нагоду вывучыць яе больш дасканала. Напрыклад, працоўныя заявы і адказы на анкеты ў Горках яна пісала выключна па-беларуску, хоць і не без памылак.

Таксама па-беларуску напісаныя толькі два яе вершы (уся астатняя спадчына — празаічная — па-латышску). Абодва былі апублікаваныя ў "Чырвонай Полаччыне" ў 1927 годзе.

10 ліпеня 1938 года Марта Альтберг была арыштаваная па абвінавачанні ў "шпіянажы" (арт. 68 КК БССР), а ўжо 16 жніўня "тройка" НКУС асудзіла яе да найвышэйшай меры пакарання. 11 лістапада 1938 года ў Мінску Марта Карлаўна Альтберг была расстраляная. Ваенная пракуратура Беларускай ваеннай акругі рэабілітавала яе толькі 27 лістапада 1989 года.

Віктар Жыбуль

МАЁЙ КАХАНАЙ

Беларусь, радзіма палявая,
Ды лясны шумліва-дзікі сказ,
Ты зусім мяне зачаравала
Казачнымі снамі ў ціхі час…

Незабудкай далі сінявеюць,
Над палямі месяцу адсьвет…
Твае песьні ветры мне прывеюць
І разгоняць суму сьвежы сьлед…

Беларусь, радзіма палявая,
Шызая туманнасьць ад балот…
Над табою сонца палыхае
Радасьцю нязнаных год…


ВЕЦЕР

Ах, не зайздросьці удачам і славе,
Ты іх шчасьлівых – ва ўсім багацей.
Што яны знаюць пра ветру чары,
Што лашчыцца ціха ля іх дзьвярэй.

Вецер скрозь сад пралятае,
Яблыкі ўсё абівае,
А сам ён ня зьесь[ць] ні адно.
Вецер чуць песьні прыносіць…
Сэрца спакою так просіць, –
Пеніцца ў чарцы віно.

Ах, не зайздросьці удачам і славе,
Ты іх шчасьлівых – ва ўсім багацей…
Ціха так думку абнімеш рукамі,
Праляцеўшы міма дзьвярэй…
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading