Я рамантык па жыцці. Мо таму мяне і цягне да такіх жа, як я, вар'ятаў, якія ўвесь час жывуць на барыкадах, з нечым змагаюцца, наіўна мараць пра лепшы свет, а ў імгненні асаблівай натхнёнасці любуюцца кляновым лісцем пад нагамі і зоркамі ў небе. Не ўсіх паэтаў можна назваць такімі, але з тых, хто дарагі майму сэрцу, няма аніводнага іншага. Я бясконца люблю Юлія Таўбіна — менавіта за гэтую блізкасць, за яснасць позірку, смеласць думкі і глыбіню пачуцця. І чым больш знаёмлюся з яго пакаленнем, тым больш упэўніваюся, што ён быў не адзін такі.
Гэта адначасова вельмі грэе душу і разбівае сэрца: столькі годных асоб зжэрла чэкісцкая машына смерці! Столькі таленавітых паэтаў не напісалі свае самыя лепшыя вершы!.. Столькі людзей так і не спазналі шчасця, пра якое марылі і якога былі вартыя...
Сёлета мы расказваем пра не самых вядомых з рэпрэсаваных беларускіх творцаў. Некаторыя імёны ўвогуле страціліся ў віхуры часу — як, напрыклад, імя Алеся Розны. Яго сябар Сяргей Грахоўскі, які прайшоў ГУЛАГ і змог расказаць пра сябе і пра іншых, у сваіх успамінах пра Алеся Розну і Юлія Таўбіна (думаю, недарэмна ён аб'яднаў іх у адзін артыкул) гаварыў наступнае:
"Алесь Розна застаўся толькі ў памяці нямногіх, вершы яго раскіданы ў выданнях 20-20-х гадоў. Думаю, аматарам паэзіі не лішне ведаць, што быў такі цікавы паэт і перакладчык, які мог многа зрабіць для нашай літаратуры. Ён быў рамантык у жыцці і творчасці, нястомны шукальнік свае адметнай дарогі".
Аматарам паэзіі сапраўды не лішне ведаць пра такога творцу. Тым больш, што тыя вершы, што да нас дайшлі, ён напісаў пераважна ў 14-15 гадоў — а там усё на сваім месцы, вытрымана, рытмізавана, вобразна і маляўніча. Можа быць, і пафасна, але ствараецца ўражанне раскінутых крылаў — вясна, маладосць, узнёсласць, радасныя чаканні. Яшчэ няма трывогі, смутку і страху — яны будуць потым. Яшчэ верыцца, што ўсё наперадзе, і гэтая вера так захапляе юнака, што ён дзеліцца ёю з усім светам.
Больш сталыя, познія вершы да нас не дайшлі — і я думаю пра гэта з вялікім жалем, уяўляючы, які скарб страчаны. Савецкія карнікі імкнуліся сцерці людзей з твару зямлі — разам з іх імёнамі і творчасцю, а таму ўсё, што не ўдалося схаваць, было спалена. І вершы Алеся Розны ў тым ліку.
Пры іншых абставінах гэта было б зусім не важным, але ў гэтай гісторыі мае сваё значэнне: Розна быў габрэем (сапраўднае імя — Абрам). Габрэем, які выбраў беларускую культуру і загінуў за яе. Як і многіх іншых, яго схапілі як "члена контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі". На допытах прымушалі "здаць іншых". Паэт і даследчык Віктар Жыбуль у сваім артыкуле пра Розну прыводзіць такі цікавы факт: у якасці "завербаваных" ім людзей Алесь Розна назваў Мікалая Памялоўскага, Мікалая Ляскова і Аляксандра Паляжаева — расійскіх пісьменнікаў 19 стагоддзя. "Следчы ўзрадаваўся, далажыў начальству, а потым збіў Алеся па горкі яблык", — піша Жыбуль.
10 гадоў канцлагераў па прыдуманым абвінавачанні атрымаў паэт — і гэта быў сапраўдны смяротны прысуд, бо ён быў абсалютна непрыстасаваны да нечалавечых умоў ГУЛАГа.
"Разгублены, наіўны, несабраны, захоплены не бытавымі дробязямі, а нейкімі сваімі ўзвышанымі марамі. Ён мог забыць каля ўмывальніка адзіную кашулю, уціральнік, у сталоўцы – недаедзеную пайку. Я яго апекаваў, як малое дзіця", — успамінаў Сяргей Грахоўскі.
Яму не было і трыццаці гадоў. Алесь Розна здзейсніў свядомае, доўгае, пакутлівае самагубства: маючы запаленне лёгкіх, клаўся ў лесе на снег і губляў прытомнасць. Пра суровыя зімы Сібіры расказваў кожны вязень ГУЛАГа, які выжыў — а выжыць у іх было сапраўдным цудам. Цудам, у якім рамантык Алесь Розна больш не верыў.
Крысціна Бандурына
* * *
Я выходжу на вуліцу сьцежкай —
Новы дзень сустракае мяне.
Сонца сьвеціць у далі бязьмежнай,
Шле вітаньне шумлівай вясьне.
Бо сягоньня дзень вольны і новы,
Бо другая пара надышла.
Льюцца новага гымну словы,
Гымну дзён маладога жыцьця.
Я выходжу сьцежкай на вуліцу,
Сонца кідае зірк мне ўсьлед.
Топаль наш к старой хаце туліцца,
Сонца льле прамяністы свой сьвет.
Жыцьцё новае нас сустракае,
Загарыцца комуны зара,
Мільгаціць, мільгаціць, ня сьціхае
Звонкім гулам над намі вясна.
[1927]
АДЗІНОТА
Слухаў бор высокі,
Што было навокал;
Бачыў ён, як вецер на абшар прылёг.
Разгарнуўшы крыльлі,
Вецер з дзікай сілай
З новай, вольнай песьняй лётаў па палёх.
Там, пад небам сінім,
Месяц над далінай
Залатымі пырскамі землю абсыпаў.
Ён тануў у моры,
Цалаваў прасторы,
Толькі ён ня слухаў, як той бор стагнаў.
Зоры срэбрам белым
Навакол глядзелі
І свой сьвет дарылі на увесь прастор.
Песьняю глухою
Звонкамаладою
Заліваўся часам стары цёмны бор.
Залацісты месяц
Засьвяціў над лесам,
Залатымі пырскамі землю ён абвіў,
Нават ён ня чуе,
Як той бор бушуе,
І над цёмным лесам ціха, ціха плыў.
[1927]
ІЗНОЎ ВЯСНА
Ізноў вясна — вясёлы дзень:
Вада шуміць і льецца ў долы.
Вясну спаткаю я цяпер
На радасна-шумлівым полі…
Ізноў вясна. І з высаты
Прыветна сонца пазірае;
Ля бурна-радаснай ракі
Бярэзьнік галавой ківае.
Ізноў вясна сваім крылом
Прастор шумліва ахапіла,
З разгульнай рэчкай пад сялом
Прыветліва загаварыла.
Ізноў вясна — разгульны час —
Лягла ў прастор на дол і горы,
Пайду к вясьне, ужо пара –
Бярозкі з хвоямі гавораць.
Навокал гул, то новы дзень
Мяне вітае на прадвесьні,
І толькі вецер дзе-ні-дзе
Шуміць у полі і у лесе.
Ізноў вясна, прышла вясна,
Шуміць рака і льецца ў долы,
І я спаткаю гэты час
На шумным і разгульным полі.
[1927]
ВОСЬ ЗАТЫМ…
Я ў цьвеце жыцьця цяпер
Акунуўся ў вясновую песьню.
Вось затым так хочацца мне
У душы сваёй радасьць несьці…
Вось затым мне хочацца так
Падзяліцца з вясновым раньнем,
Свае думкі вясьне расказаць
І абняць залатое сьвітаньне.
І цяпер так хочацца мне
Праімчацца над возерам сінім,
Сваёй радасьцю доўга зьвінець
Над зялёна-застыўшай далінай.
І цяпер зажадалася мне
Гаманіць ды з зялёным борам.
Эх вы, сосны, сосны мае…
Абніму вашых ветак узоры…
Вось затым я цяпер хачу
Сваю радасьць далёка несьці,
І ў сінюю даль маю
Рассыпаць залатыя песьні.
[1927]
ГОРАД
Досьвіткам.
Задымілі трубы, зазьвінелі песьні,
Абудзілі горад песьняю гудкі.
Заіграла сонца залацістым блескам,
Запляло вянкі…
Заіграла сонца вогненным узорам,
Бегае па даху, серабро ліе.
Ой, сягоньня горад, мой юнацкі горад
Усьміхнуўся мне…
Дні ужо другія… — тысячамі песень
Зацьвілі па бруку, ой другія дні…
Сёньня, як ніколі, радасьць сэрца цешыць
І пяюць гудкі…
Вуліца шумуе гоманам вясёлым,
Трубы дымных фабрык глянулі кругом.
Зацьвілі сягоньня песьні, як ніколі,
Песьні новых дзён…
Увечары.
…І машыны сьціхлі, і заводы змоўклі,
І па бруку вечар ўжо раняе змрок,
Засьцілае далі цьмяна-сінім шоўкам,
Сьцелецца здалёк…
Залатыя зоры зьвесілі галовы,
Ў безгранічнай высі ўсё ліе свой сьмех.
Чую я сягоньня веснавыя словы
І вясновы бег…
Ўсё цьвіце па бруку сёньня васількамі,
Пахіліўся вечар, толькі гоман сьціх.
Загарэлась неба тысячай агнямі.
Ой, люблю я іх…
Пакаціўся месяц ціха у абшарах
І за сіняй рэчкай зьвесіў галаву,
Ды іду сягоньня я па тротуары
Спатыкаць вясну!
[1928]
ВЯСЬНЕ
Ой, прыдзі, ці днём, ці ноччу
Ў вуліц шум, у шыр палёў!
Я зьвію табе вяночак
Пералівам звонкіх слоў…
Ой, прыдзі прыветным словам
Пад маім, маім вакном –
Засьмяецца ўсё нанова,
Зацьвіце другім жыцьцём.
Пад твой дзіўны сьмех бярозка
Схіліць нізка галаву.
Выйду к сонцу я дарожкай
І пайду, пайду, пайду!..
Да цябе пайду з прыветам
Ў залатую далячынь,
Буду слухаць песьні ветра,
Што плывуць, плывуць у сінь.
Ой, прыдзі, прыляж да дому —
Засьмяюцца васількі,
Выйду з песьняю вясёлай
Спатыкаць юнацтва дні…
Сонца гляне срэбным вокам
На ажыўшую зямлю,
Песьня выльлецца навокал,
Што табе я прынясу…
Зашуміць вада над борам,
Засьмяецца весялей
І жыцьця твайго вузоры
Над раздольлем разальле…
Дык прыдзі-ж, ці днём ці ноччу,
Ў вуліц звон, у ціш палёў,
Я зьвію табе вяночак
Перазвонам дзіўных слоў…
[1928]
* * *
Дні мінулі…
На парозе
Паказаўся ты адзін…
Помніш…
Плакалі бярозы,
Лес лістамі гаманіў…
Ты зусім, зусім інакшы…
Сьвітка тая-ж на плячох.
З днямі новымі пазнаўся,
Верным шляхам выйсьці змог…
Помніш…
помніш…
поле… камень…
І адзін нямы курган…
Залатымі каласамі
Быў абвіт бярозкі стан…
Разьлівала песьню раньне
У нямую ціш душы…
Вецер плакаў на кургане…
Дудка пела ля ракі…
Быў маленькім ты хлапчугам,
Толькі ўсё прайшло, прайшло.
Вось сягоньня па-над лугам
Плешча новае жыцьцё…
Вырас.
Стаў ты чалавекам
Сярод шуму гарадоў,
З новай ласкай і прыветам
Ты сюды…cюды зайшоў…
Зашумела вербалозьзе,
Забруілася рака.
Помніш:
З вёскі ты выходзіў —
Маці сьлёзы праліла…
Помніш… Ціха каласамі
Поле плакала наўкол.
Веснамайскімі шляхамі
Ты ў жыцьцё пайшоў…
прыйшоў…
[1928]
Падборка вершаў падрыхтаваная Віктарам Жыбулем
Я зараз у цвеце жыцця… Забыты рамантык Алесь Розна
Вершы закатаванага паэта Алеся Розны