

Ганна Шакель
Мы не можам паглядзець на гуллівую ўсмешку паэта ці як тырчэў з-пад картуза ягоны чуб. Не паглядзім у яго вочы ў градацыях шэрага. Аніводнага фота Янкі Валасэвіча не захавалася. Як і грунтоўных біяграфічных звестак. Нарадзіўся ў 1912 годзе, пісаў вершы, вучыўся на літаратурным факультэце, у 1937-м закатаваны ў мінскай "амерыканцы". Такі твой лёс, калі ты беларускі паэт трыццатых.
Але праз ацалелыя вершы мы можам увасобіцца ў шаснаццацігадовага юнака і паглядзець яго вачыма ў ранішняе неба над Рагачовам з радасцю і надзеяй.
Хай-жа Валасэвічава "песня туман разгоніць".
Ганна Шакель
* * *
Як апошні прамень за гарой
Згубіць месяц ў даліне зялёнай,
Я пайду… абнімуся з зарой,
Што расьсеяла сьвет на загонах.
Абнімусь, быццам з любай каханкай,
Расцалую яе, як дзяўчыну…
Ой, чаму я люблю гэтак ранак,
Калі дзень зьлёгка крыльлі расчыніць?..
Люблю раньне вясны маладое,
Бо і сам я юнак, малады…
Эх, юнацтва маё залатое!
Эх, імкненьняў гарачых уздым!
Сумна далі чагосьці туманяцца,
У тумане хаваюцца гоні.
Выйду ў поле я з песьняю раніцай,
Хай-жа песьня туман разгоніць.
Хай-жа раньне блакітна-вясновае
Усьміхнецца праменьнямі сонца!
Дык, зьвіні-ж, мая песьня сталёвая,
Разганяй над загонамі сон!..
Рагачэў.
[1927]
ПАМІРАЎ ДЗЕНЬ
Паміраў па-над лесам ўжо дзень,
І зьмяняў яго вечар цьвярозы.
Сумавалі аб нечым бярозы.
Паміраў па-над лесам ўжо дзень.
Сьмех разьліў месяц ў высі марознай,
І вакол шэры змрок парадзеў…
Паміраў па-над лесам ўжо дзень,
І зьмяняў яго вечар цьвярозы.
[1928]
* * *
У цёмным лесе глуха
Чуўся дзіўны шолах.
Сэнс я ў ім падслухаў
Чулаю душою.
Квола нейк шумелі
Сосны да яліны,
Шум здаваўся мне той
Песьняй салаўінай.
А з тэй песьні часта
Ціха плыла радасьць,
І здавалась, шчасьце
Мне ў душы ня здрадзіць.
Над прасторам ціха
Дзіўны лёс заляскаў.
Песьня не заціхне,
Адшукаю шлях свой.
Сумаваць ня мне ўжо,
Як раней ў няволі.
Растрасу па межах
Свае песьні ў полі.
Растрасу над лесам,
Раскідаю ў лузе,
Хай-жа мае песьні
У прасторы блудзяць.
Пасьмяюцца можа,
Можа і пахваляць,
Але ўсё-ж ня можна
З песьняю хавацца.
Вёска Мусічы,
Грэскага раёну.
[1928]
ЗАГУБІЛА ЗАРА ЗАЛАТЫЯ КЛЮЧЫ…
Залатыя ключы загубіла зара
І знайшла іх даўно ужо сьвежая рань.
Месяц скінуўся з высі за лес адпачыць,
Загубіла зара залатыя ключы.
І знайшла іх даўно ужо сьвежая рань,
Адамкне імі дзень, як падыйдзе пара.
Затрапечыцца радасьць, спавітая сном…
Рань ключы залатыя знайшла ўжо даўно.
Адамкне імі дзень, як падыйдзе пара,
І пазбудзецца сэрца былых усіх ран,
Думкі-мары да шчасьця ў прасьцяг павядзе.
Як падыйдзе пара, адамкне раньне дзень.
Ўжо ключы залатыя згубіла зара,
Адшукала даўно ўжо іх сьвежая рань.
Месяц скінуўся з неба за лес адпачыць…
Загубіла зара залатыя ключы.
Рагачэў.
[1928]
УСПАМІН
Дзень бялеў. Неба зоры губляла.
Кволы месяц купаўся ў імгле.
І ліпнёвая ноч шэрай плямай
Дзесьці ў далеч зьнікала за лес.
А за вокнамі пахкія ліпы
Вартавалі ўжо ціхую рань…
Тады ліпень… зялёны мой ліпень!
Абудзіў пачуцьці ў першы раз.
Штосьці клікала ў думках надзею,
Штось падказвала думкам: “ня вер”…
І каханай дзяўчыне Надзеі
Прысьвяціў тады першы свой верш.
Вакол ціха было так і проста…
Помню… верш невялічкі канчаў.
У першы раз напісаў я пра ростань,
Напісаў першы раз пра дзяўчат.
Ўспамінаю… За вокнамі ліпы…
Ды ліпнёвая ціхая рань.
Тады ліпень… Зялёны мой ліпень
Абудзіў пачуцьці ў першы раз.
Рагачэў.
[1928]
* * *
Па-вясноваму сёньня ноч,
А з вясною і сэрца разам…
І жадаецца ў думках ізноў
Абуджаць сваю ціхую радасьць.
І жадаецца сэрцу ізноў
Моцна верыць з надзеяй у шчасьце,
Пазабыцца былых мар і сноў,
Што на сэрцы нуду слалі часам.
Пазабыцца былых мар і сноў,
Вітаць сэрцам жыцьцё маладое…
Сьпяць маўклівыя далі даўно –
А у далях – туман сырадоем.
Сьпяць маўклівыя далі даўно –
Абудзіць-бы іх песьняю звонкай:
Жыцьцё радасьцю наша паўно,
Адбудоваю новай старонкі.
Жыцьцё песьнямі наша паўно,
З тымі песьнямі сэрца разам…
Па-вясноваму сёньня ноч,
Па-вясноваму ціхая радасьць.
Рагачэў.
[1929]
* * *
Заблудзіўся месяц ў вербах ля ракі,
Золата рассыпаў у кусты ракіт.
Скрозь такая ціша. Над ракой туман…
Я чакаю любай, а яе няма.
Не змагла каханьне, мусіць, зьберагчы?
І маўчыць упарта штосьці далячынь…
Над ракою цені, цені ды агні:
Рыбакі там вышлі – песьня празьвініць.
Празьвініць ды зьнікне, згасьне за гарой,
Разьліецца ў далях звонкім серабром.
Загарыцца ў думках песенны маяк.
На спатканьне вышла любая мая.
А на сэрцы шчасьце! Нас хавае ноч.
– Ну, падходзь-жа бліжай, я чакаў даўно!
Бачыш – месяц кволы ў хвалях як дрыжыць…
Сядзь са мною, лада, крыўду раскажы.
Помніш, ты казала: “Ў сэрцы боль і сум –
Раздавала многім я сваю красу”?
Хіба можна ў час наш насіць ў сэрцы боль?
– Прышла толькі шчасьце падзяліць з табой.
Досыць, мой каханы, плакаць на зары,
Жыцьцю радасьць трэба ў песьнях падарыць.
Ціха так на сэрцы. Ноч. І мы маўчым…
І плывуць у шчасьці думкі ў далячынь.
Рагачэў.
[1929]