TAŬBIN

Не хоча сэрца сумнай песні… Лірыка Алеся Карачуна

Вершы забітага паэта Алеся Карачуна

Алесь Карачун

Віктар Жыбуль

Імя Алеся Карачуна большасьці беларусаў, хутчэй за ўсё, невядомае. Калі яго і згадваюць, дык пераважна як бацьку Юрыя Карачуна, мастака і шматгадовага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музэя. Але ў 1920-я гады Карачун-старэйшы меў непасрэднае дачыненьне да літаратурнай і журналісцкай справы: быў сакратаром Калінінскай філіі "Маладняка", потым працаваў у "Зьвязьдзе". Ствараў і вершы, але друкаваў іх нячаста — у клімавіцкай раённай газэце "Наш працаўнік", часопісах "Маладняк Калініншчыны", "Малады араты", зборніку "5 гадоў" (1925), на беларускай старонцы газэты "Гудок" (г. Масква). Чамусьці найболей лірызму і маляўнічай вобразнасьці атрымлівалася тады, калі аўтар пісаў пра цягнікі, чыгунку і вакзалы.
Віктар Жыбуль


* * *

Паравоз, раскудравіўшы дым,
Абшар рэжа нязьмераны воку.
Усё навокал вітаецца з ім:
Поле й лес, што стаіць недалёка.
Па жалезе жалеза скрыгоча,
Чуцен скрогат і лязг ланцугоў.
Навакол яго вецер рагоча,
Даляцеўшы з суседніх лугоў.
Раскінуўшы белыя косы,
Ты куды так ляціш, паравоз, —
Ці ня ў вёску сьпяшыш на пакосы
Разухабіць апошні пракос?
Звон малінавы косаў ад раньня
Будзіць соннае мора травы,
Сон ночы зьнікае ў тумане,
Ловіць рэха гушчар баравы.

[1926]


* * *

Дзе у поле ўрастае горад
І дарожкі дзьве разам зьвіліся,
Там заводзкія трубы горда
Падпіраюць блакітныя высі.
Толькі сонца праменьнем косым
Абліе ў роснай раніцы дзень,
А на вежы прастукае восем,
Гулам гулкім завод загудзе.
Пакаціўшыся радыёхваляй,
Ва мне новыя думкі абудзіць:
Будзе радасьці зноў нямала,
Ой, як шмат асалоды будзе.
Зноў завод прапяе мне песьню
І адстукае рыфмы машына.
Я стаю не ля зломаных весьніц,
Хоць і вырас пад кустам крушыны.
Гул заводзкі гады перарэжа,
Вёсцы ўперад лягчэй будзе шыніць.
Я стаю на стальным узьбярэжжы,
Хоць і вырас пад кустам крушыны.

[1926]


ВАКЗАЛЬНЫЯ ГУДКІ

Ня хоча сэрца сумнай песьні…
Далоня цісьне падарожны кій.
Пачуў… і пачынаюць песьціць
Душу вакзальныя гудкі.
Агнёвыя ўспаміны — вельмі проста
Ўзьлятаюць лебедзямі з возера гадоў:
Вакзальны пляц, спатканьня ростань
І попелам усланы дол.
Сьвет рыжым мерынам на нас іржаў,
У сьпіцы засадзіць імкнуўся кій.
Тачыла нашы паравозы ржа,
Каля адкосу чуліся трывожныя гудкі.
Было ўсяго, назад ужо ня вернеш.
Успомніш — выступіць халодны пот.
Дваццаты помню, помню дваццаць першы…
Разьбітыя вагоны гналі у дэпо.
Ня хочу ўспомніць, як і сумнай песьні…
Далоня цісьне падарожны кій.
Пачуў… і пачынаюць песьціць
Душу вакзальныя гудкі.

Ворша.
[1927]
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading