З кнігі “Я баба”
Бунт
Уцякла з дому састарэлых.
Сьпіць на вакзалах,
цягаецца па вуліцах, палях,
крычыць, сьпявае,
брыдка лаецца.
Ззаду галавы, за шарыкамі вачэй
у касьцяным дарасхове чэрапа носіць
бунт.
Сялянка
Цягне на сьпіне
дом, поле, сад,
кароў, сьвіней, цялят, дзяцей.
Яе хрыбетнік дзівіцца,
што ня ломіцца.
Яе рукі дзівяцца,
што не адвальваюцца.
Яна нічому ня дзівіцца.
Як на крывавы кій, апіраецца
на гарапашную працу
яе памерлай гарапашніцы-маці.
Прабабку
білі бізуном.
Гэты бізун
блішчыць над ёй у хмарах
замест сонца.
Ён частуе марозівам
Кожную нядзелю разам
хадзілі на прагулянку.
Ён, яна і трое дзяцей.
Неяк уначы,
калі яна не пускала да іншай,
выцягнуў з-пад матраца
выкідны нож.
Цяпер зноў кожную нядзелю
ходзяць на прагулянку,
ён, яна і трое дзяцей.
Ён частуе марозівам, усе
сьмяюцца. Яна таксама.
Пабачыла
У нядзелю папаўдні,
перамыўшы ўрэшце ўсе рондалі,
яна села
каля люстэрка.
І ў нядзелю папаўдні
пабачыла,
што ў яе скралі жыцьцё.
Ужо даўно.
Абяцаў
Ударыў яе для забавы
кулаком у твар.
Яна ўпала,
людзі схапілі яго за рукі,
ён захістаўся.
Потым вярталіся разам у абдымку.
Яна шчасьліва ўсьміхалася.
Была цяжарная, ён абяцаў
ажаніцца.
Памыла падлогу
Вярнуўся папоўначы,
рухнуў пад дзьвярыма.
Цягнула яго
праз парог.
Заваліўся на ложак
у ботах, у ванітах,
прыставаў да яе, яна не хацела,
ударыў кулаком у жывот,
захрапеў.
Памыла падлогу,
зьмяніла наўлечку на пярыне.
Пагрукала да суседзяў.
Будзе раджаць.
Вяртаньне мужа
Адступае
крок за крокам.
Яе не заслоніць стол,
яе не заслоніць дзіцячы ложак,
яе не схавае сьцяна.
Не абароняць людзі за сьцяной
перад тым, хто стаіць
на парозе.
Увечар пасьля зарплаты
Засоўвае руку
ў кішэню курткі,
пакуль ён сьпіць.
Лічыць грошы.
Плача.
Сям’я
Ідзе на яе
з кулакамі.
Змахнуў з нагавіцаў як муху
дзьве маленькія рукі,
што хацелі яго спыніць.
Позіркі
Маладыя хлопцы мімаходам зірнулі
на старую жанчыну.
І ў вокамгненьне
растапталі яе быццам чарвяка
сваімі позіркамі.
Карова яе любіць
Дзеці
ўжо даўно перасталі ёй пісаць.
Цяпер
яе любіць толькі яе карова.
І ня дзіва, яна ж хавала яе
ад цяляці.
Ня памятае
Была злой мачыхай.
Пад старасьць гібее
ў пустой халупіне.
Трымціць
як жменька спаленай паперы.
Ня памятае ўжо, што была злая.
Але ведае,
што ёй холадна.
Яе жывот
Яна мае права на тоўсты жывот,
яе жывот нарадзіў пяцярых дзяцей.
Яны грэліся ля яго,
ён быў сонцам іх дзяцінства.
Пяцёра дзяцей сышлі,
ёй застаўся тоўсты жывот.
Гэты жывот
прыўкрасны.
Дзьве бабы
Селі зь ёй на парозе
пагаманіць пра дзяцей і ўнукаў.
З асалодай занураемся
ў нашую бабскасьць.
Як дзьве лыжкі
занураюцца
ў міску гарачай кашы.
Несьмяротная
Яна ўжо даўно
выйшла зь сябе.
З кожным новым унукам
пачынае жыцьцё нанова,
як рака, што кожнае імгненьне
пачынаецца з крыніцы.
Гледзячы ў неба
вачыма немаўлят,
яна не заўважыць
сьмерці ўласнага цела.
Самае вялікае каханьне
Ёй шэсьцьдзясят. У яе самае
вялікае ў жыцьці каханьне.
Ходзіць зь мілым пад ручку.
Вецер разьвявае іх сівыя валасы.
Яе мілы кажа:
– Твае валасы як срэбра.
Яе дзеці кажуць:
– Старая вар’ятка.
Звычайныя роды
Дваццаць гадзін
вые як зьвер.
Доктар хоча ёй памагчы.
Надразае нажніцамі жывое цела
без замарозкі.
Яна і не заўважыла.
Занадта моцнае катаваньне,
калі рассоўваюцца косткі.
Які д’ябал
выдумаў сьвет.
Шэксьпір. Утаймаваньне наравістай
Рэнэсансавы актор
размахвае бізуном,
ганяючы па сцэне дзяўчыну,
якая паўстала
супраць лёсу дзяўчыны.
Мужчыны дваццатага веку
б’юць у ладкі.
Старая жанчына
Яе прыгажосьць –
Атлантыда.
Якую яшчэ не адкрылі.
Пра яе любоўныя пакуты
пісалі тысячы гумарыстаў.
Найгеніяльнейшыя зь іх
увайшлі ў школьную праграму.
Толькі яе каханьне з д’яблам
было сур’ёзным,
як вогнішча.
І палала ў людзкіх фантазіях
вогнішчам.
Самыя хлусьлівыя
словы ў сьвеце
чалавецтва прыдумала для яе.
Яна ня хоча
Яе матка
пакутавала ўсё жыцьцё.
Нарадзіла яе
на пакуты.
Але яна ня хоча пакутаваць.
Яна ненавідзіць
матак.
Яна выцягвае кулакі ў неба
і кулакамі
піша па небе
ад гарызонта да гарызонта:
Не хачу.
Пад чорнай зоркай
Народжаныя пад чорнай зоркай
мы нарадзілі
сьвет.
Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч
Перакладзена паводле: Anna Świrszczyńska. Poezje zebrane. Warszawa, Wydawnictwo Marginesy, 2023.
Бунт
Вершы польскай паэткі Анны Сьвіршчыньскай у перакладах Андрэя Хадановіча