Вераніка Чарняхіўска
Майк Ёгансэн
Фота Барташа Банкі
Алесь Плотка
І за пагоркам смерць...


Вераніка Чарняхіўска
(1900–1938)

***
З неба ноч сышла да нас употай...
Цёмнай тайнай свет спавілі цені...
О, нашто халоднаю турботай
Лёгкія развейваць летуценні —
Тыя цені...

Цёмнай тайнай свет спавілі цені...
З мораку, які схаваў старое,
Вынырнулі ў гэтае імгненне
Даўнія, чароўныя настроі,
Цені-мроі.

З мораку, які схаваў старое,
Вынырнулі водбліскі кахання,
Успамінак сэрца мне раскроіў...
Гэта ціхі гук майго дыхання —
Цень-насланне.

Мілы цень, які я так любіла,
Сіл няма — сусвет мой распрамень
І ўздымі мяне, вазьмі на крылы.
Кіну ўсё я... Плача звон: дзінь-дзень —
Гэта цень.



Ладзя Магілянска
(1899–1937)

***
Я ні з кім не спушчуся ў падмосце,
Дзе бутэлькі — бы вочы хімер,
Не прымроіць у марыве хтосьці
Фарбаваны, драпежны ашчэр.
І ніхто, і ніхто ў гэты келіх
Мне бурштынавых хвіль не ліе,
І нікога мой смех не вяселіць,
І парывы мае — нічые...
А калі ў вечаровым маўчанні
Разгайдаецца кожны ліхтар,
У хаосе засноўдаюць здані —
Гэта здані выродлівых мар...
І між імі лунаю насланнем,
Заварожана бліскаю я,
І вітаннем нікому не стане
Залатая знямога мая.


Лета

Дні ляцяць, бы клінам жураўлі,
Вастракутна крэслячы палёт,
Бур'янамі хлебча рот зямлі
Водарных дажджоў салодкі мёд.

Лета, нібы дзеўчына з сярпом,
У блакіт сутоння гоніць з ніў —
Рук смуглявых стомлены залом,
Гнуткі стан, што травы ацяніў.

Слухай, лета, залаты мой сказ:
Колькі сіл і радасці наўкруг!
Што табе спяваць у гэты час
Мушу я, калі мацнее дух?

Лета, маладое назаўжды!
Ля плятня застынь, зірні на плёс:
На люстэрку снулае вады
Стракацее раска сонных слёз.

Восень

Вось і восень... Грук капыт бадзёры,
Летуцяць шыпшынныя кусты.
Да скарбонкі лета толькі ўчора
Падабралі ключ мы залаты.

Толькі ўчора зухі-бліскавіцы
Павуціннем неба аплялі.
Сёння ж вецер кідае ў крыніцу
Лісце, што вісела на галлі.

Сёння ж — думак чыстыя прасторы,
Восеньская глыбіня вачэй,
Ясная сталёвасць слоў бадзёрых,
Творчых дзён і зорыстых начэй.

Восень, восень! Сціснуліся губы,
Колькі сілы ў іх цяпер, зірні!
А ў вятрах на полі колькі згубы,
Што раскрылі крылы ў вышыні!

Наляцяць, абхопяць, пацалуюць
І распаляць вогнішчы сцягоў,
Кожнага салдата загартуюць,
Возьмуць у апошні бой яго.

Росы ў травах скамянелі гожа,
Хай растопіць іх вясновы час.
Мы з табою, восень, пераможам!
— Можам! — рэха мне дае адказ...

Пераклад з украінскай Ганны Янкута


Олэкса Влызько
(1908 – 1934)

***
Адляцела
Леда-камвалея
у гаі ў палоне завей
цяпер пахнуць
не ліпцам, нівеяй
пацалункі-ільдзінкі
твае.

Вось пачатак канца,
о, каханне,
боль мой люты, цяпер я чужак!
І навек
найлепшая рана,
да апошняга
сну — іржа.

1930

Мыкола Хвылёвы
(1893 – 1933)

Спявае ціша дзесь

Спявае ціша дзесь,
квітнее ў прасторах,
у мёртвай шахце я —
затоплена яна,
і раптам звон-удар,
і ўжо гудуць маторы —
па Украіне йдзець
электрыкі вясна.
А потым зноўку кокс,
і рэйкі, й ваганьеткі,
вузкакалейкі дух
(што снег карпацкі сніць).
А на світанні крыж,
распяты ў гушчарах,
і за пагоркам смерць,
спеў восені панік.
………
Хіба так і было?
А можа, то здалося?
Не знаю! Не скажу!
І пахне бур’янамі,
а можа, то чабор…
за ярам яр: агні!
…агні…
…агні…

Пераклад з украінскай Алеся Плоткі

Майк Ёгансэн
(1895 – 1937)


***
(І птиці летять…)

І птушкі лятуць
У нябесных азёрах
Паўз астравы хмар.

1921

***
(Верніться!)

Вярніся!
Так голас пралунаў быў з туману,
У высі
Памкнула сэрца птушкай, рукі ўмерзлі ў даўніну
Трамвай надрэзаў цішу й адарваў;
Я чуў, як падаў дзень, расла трава
Вышэй за ўсе лясы, за чорных крумкачоў,
І птушкі яе дзерлі і дзяўбалі ў высі.
І знову:
Вярніся!
Глуха
і незаўважна, як сталічны гул унізе,
Між незлічоных вуліцаў памерла слова.

1927

***
(Колись рушниці калиновим соком…)

Калісьці ў стрэльбы мы калінавага соку
Нальём — і дзецям бавіцца дамо.
І на гармату хлопец каравокі
Напне дзядулева дубовае ярмо.

У моры ўспыхнуць крэйсеры ставока
І ціха спусцяцца на глеістае дно,
Засне ў пясках, ціхмяных і глыбокіх,
Навечна арганаўтава руно.

Ды йшчэ не час. Яшчэ жывуць гарматы,
Яшчэ вінтоўка хібіць на сцяне,
Яшчэ ў палях прадвесневых салдаты
Ідуць у брудзе й падаюць у снег.

Яшчэ, мой бондару, баі не адгрымелі,
Дзяўбаць нам доўга ў патужэлай бондзе дно,
Пакуль не выбухне распаленым пахмеллем
Паўстанняў шматстагодняе віно…

— Тады ў вінтоўкі мы калінавага соку
Нальём і дзецям бавіцца дамо
У памяць дзён раз’ятранага змроку,
Што зараслі калінаю даўно.

1927

***
(За лінію лісів гнав гоном потяг-пес…)

За лінію лясоў гнаў гонам пёс-цягнік
Вагоны — звёны дзён зімовых,
І пазяхнуў і за лясамі знік,
Як гук, не вымаўлены ў словах.

За параван палёў, сінедрыён снягоў
Цягнік закалыхаў нямое цела.
Штось мармытнулі вы й заснулі. Берагоў
Няма больш. Мора зашумела.

І вы не чулі слова, што гуло
Неўтаймаваным і няведаным габоем
З бароў пад Бранскам скрозь сівое шкло,
Як сон каня перад сасновым боем.

Лясы паліла. Трушчыла ільды.
Зямля гула з парахавым запалам.
Дайшло да мора. Але вы тады
Яго не вымавілі — і яно упала.

І я цяпер яго расстрэльваю штодня
Ля сценкі шэрай — а яно ўсё б’ецца —
І ўсё расце, як чалавечаня,
І хоча жыць, і плача, і смяецца.

1927

***
(Ось іду по рейці і хитаюсь…)

Вось іду па рэйцы, і не знаюць
Ногі, ці дайду я, ці ўпаду.
Злева лес, нібы зялёны заяц,
Заглядзеўся на маю хаду.

Дзесь самотны конік анямелы
Песню травам і лясам згадаў,
Бы званочак гасне здзервянелы,
Бы заснула й падае вада.

Колькі дзён любілася з начамі,
Раставала ранкамі ў вакне.
Колькі птушак лётала над намі,
Не вярталася ні ўяве, ані ў сне.

Я іду па рэйцы, і не знаюць
Дні мае, дайду я ці ўпаду.
Лес прыціх. Лес, як зялёны заяц,
Заглядзеўся на маю хаду.

1927

***
(Овес росте край неба у пісках…)

Авёс расце край неба на пясках,
Як дзед сівы, у высях дрэмле хмара.
Пахмуры сон: на галавах
Стаяць стагоддзі і бяздумна мараць.
— Расце авёс, ківае і маўчыць.

У моры караблі вядзе смялей
Лацінскі ветразь у сутонны вырай.
— Авёс расце і вырастае ў лес.
Слупы стаяць змярцвела й сыра,
Гніюць і з грукам падаюць на шлях…
— Расце авёс край неба на пясках.

1929

Пераклад з украінскай Яўгена Кунцэвіча


Мікола Хвылёвы
Олекса Влызько
Ладзя Магілянска