ПЯСОК СІНАЮ
*салідарнасць беларусаў з габрэйскім народам
Савецкія помнікі маўчалі пра габрэяў. Вось ужо 32 гады як няма СССР — а помнікі маўчаць дагэтуль. Сям-там у нас згадваюцца даваенныя габрэйскія пагромы, але Халакосту ў Беларусі быццам бы і не было.

Здавалася, гэтая хімера 20 стагоддзя — нянавісць да габрэяў — адышла ў нябыт. Але не: яна па-ранейшаму існуе — і на ёй усё так жа паразітуюць тыя, каму гэткія рэчы дапамагаюць прыхаваць уласнае зло. І таму абсалютна адкрыта і бессаромна дазваляюцца заклікі знішчаць габрэяў, а недзе нават у жывым эфіры людзей гатовыя забіваць камянямі. Непрыкрытае варварства сёння зноў становіцца модным, і ў чалавецтва ўсё менш сіл, каб яму супраціўляцца.

Войны вядуцца за тэрыторыі, доступ да рэсурсаў, праз амбіцыі і дурасць кіраўнікоў, але ніхто ў свеце, акрамя габрэяў, стагоддзямі не вымушаны змагацца за сваё існаванне толькі таму, што ён ці яна маюць такую кроў — кроў аднолькавага колеру з той, што цячэ ў нашых венах, але чамусьці асаблівую, чамусьці "не такую". Так не павінна быць. Няма лепшых ці горшых нацый, усе заслугоўваюць роўнай павагі і недатыкальнасці. Усе маюць права быць.

Юлій Таўбін быў габрэем. Гэта факт, які не аспрэчыш і не аднімеш у гісторыі. Беларускі паэт габрэйскага паходжання, ён напісаў цудоўную ў сваёй жудасці паэму "Таўрыда", дзе паказаў, як здзяйсняюцца пагромы, і фактычна прадбачыў Халакост, які выкасіў амаль усё габрэйскае насельніцтва Беларусі.

Думаецца, у гэтыя змрочныя дні ён не стаў бы маўчаць. Юдаль Абрамавіч 86 гадоў таму сам стаў ахвярай тэрору — з іншай прычыны, але не менш несправядлівай, і радкі за яго могуць нашаптаць цяпер толькі хвоі ў Курапацкім лесе... Замест Юлія Таўбіна мусім гаварыць мы, сучасныя паэты і паэткі, і таму мы робім гэтыя публікацыі — каб сказаць, што злу не месца ў цывілізаваным свеце і што ніхто не павінен баяцца за сваё жыццё праз тое, што ён ці яна — "не такой" крыві, а таксама каб даць прастору галасам тых, каго праз прапаганду нянавісці немагчыма (было) пачуць, каму не давалі / не даюць гаварыць. Гэтым паняццям месца ў мінулым. Варварства ніколі не пераможа наступны дзень.