Забітыя, але не забытыя
86 гадоў, цэлыя некалькі жыццяў таму абарваліся ніткі лёсаў соцень таленавітых, разумных, сумленных людзей, для якіх словы не былі проста словамі, а стваралі новыя галактыкі — і кожная з іх была ўнікальнай.

86 гадоў таму адны людзі ўзялі ў рукі рэвальверы і сталі на ўскрайках яроў, упэўненыя ў сваім праве караць, навечна затыкаць раты тым, хто меў смеласць гаварыць — у поўны рост, ва ўвесь голас. Тым, хто проста жылі, сустракалі розныя поры года і моцна хацелі быць — нягледзячы ні на якія пагрозы і небяспеку.

Праз 86 гадоў імёны тых смелых людзей, якія былі заўчасна пазбаўленыя магчымасці пакідаць сляды, загучалі з новай сілай — як напамін нам, цяперашнім. Як перасцярога ад апошняй мяжы.

Магчыма, сярод гэтых галасоў Вы знойдзеце "свой" — за які зможаце трымацца ў найбольш змрочныя часіны; у якім знойдзеце апірышча і надзею; які будзе весці Вас скрозь віхуры і "завалы часу". Хочацца верыць, што перамены надыдуць хутчэй, чым нам падаецца, і што кола гісторыі, абярнуўшыся, нарэшце замкнецца.

Да гадавіны "чорнай ночы беларускай літаратуры" часопіс "Таўбін" друкуе падборкі вершаў расстраляных і рэпрэсаваных паэтаў, укладзеныя людзьмі года 2023-га, якія адсюль, з вышыні гэтага часу, асэнсоўваюць падзеі крывавых 1930-х, блізкіх нам як ніколі.

У гэтым годзе мы пастараліся папоўніць наш невялікі збор і паказаць Вам вершы, большую частку якіх Вы наўрад ці сустрэнеце на прасторах Інтэрнету. Паэты, пра якіх, быць можа, Вы толькі чулі або якіх ведалі з аднаго боку, раскрыюцца перад Вамі па-новаму, як яны раскрываліся перад намі, пакуль мы працавалі над гэтай публікацыяй.

Адмыслова для "Ночы паэтаў" мы друкуем таксама адну з дзвюх рускамоўных паэм Юлія Таўбіна, якія нідзе і ні ў якім выглядзе яшчэ не з'яўлялася. "Осада" прысвечаная грамадзянскай вайне, але напісаная маладым геніем з іроніяй, якую ён па-майстэрску схаваў за пафасам, і без аніякага пакланення: ні адзін з герояў і гераінь твора, ні адзін з бакоў не застаецца ў пераможцах.

Спецыяльна для "Таўбіна" блогер Кніжны Хома падрыхтаваў эксклюзіўную публікацыю з вершамі расстралянага беларуска-яўрэйскага паэта Арона Юдальсона. Таксама сёлета мы вырашылі пагаварыць не толькі пра тых, хто быў забіты ў "Чорную ноч беларускай культуры", але і пра тых, каго ў той час абмінула куля — але пазней не абмінула смерць; хто зведаў рэпрэсіі, пабываў у лагерах і знік гэтак жа бясследна, як і 26 паэтаў, якіх забілі ў ноч з 29-га на 30 кастрычніка 1937 года.

Тэрор не мае межаў, нацыянальнасцей і колеру скуры. Няхай галасы забітых стануць гучней.